Уроки

ТЭМА: ДАДАНЫЯ ЧЛЕНЫ СКАЗА. АЗНАЧЭННЕ

Настаўнік: Шпартава Т.М.

Клас: 5

 

Мэта: пазнаёміць з азначэннем як даданым членам сказа, спосабамі яго выражэння і роляю азначэння ў маўленні.

Задачы:

Навучальная: фарміраваць уменне знаходзіць азначэнні ў сказах і правільна графічна яго абазначаць, вызначаць часціну мовы, якой выражана азначэнне;

Развіццёвая: развіваць навыкі ўжывання азначэнняў у маўленні, развіваць арфаграфічную граматнасць, вобразнае мысленне вучняў, уменне дакладна выражаць свае думкі;

Выхаваўчая: выхоўваць пачуццё любові, павагі і пяшчоты да самага блізкага чалавека – маці;

Абсталяванне: падручнік, “Рамонак ведаў”, мультымедыйная прэзентацыя, карткі-тэсты, апорная табліца-схема, “Канверт шчырых выказванняў”.

 

Эпіграф:

Маці не нараджаюцца,

іх кожнаму пасылае Бог,

 каб  чалавекам застацца мог.

Р. Барадулін

 

Ход урока

І. Арганізацыйны момант.

Вітаюся. Адзначаю адсутных.

ІІ. Праверка дамашняга задання:

1. Праверка сшыткаў вучнямі-памочнікамі:

2. Гульня “Хто хутчэй” (на экране).

Хто хутчэй узбярэцца па лесвіцы, прыдумаўшы да кожнага слова дапаўненне.

                         Далёка ад (Р. скл.)

                  Паляванне на (В. скл.)

            Ехаць на (М.скл.)

       Накарміць (Т.скл.)

Дзякаваць (Д.скл.)

ІІІ. Актуалізацыя апорных ведаў. Мэтавызначэнне.

Прапаную папрацаваць з “Рамонкам ведаў”. На пялёстках змешчаны пытанні, на якія вы павінны адказаць:

1. Назавіце галоўныя члены сказа.

2. Што такое дзейнік?

3. Што такое выказнік?

4. Назавіце даданыя члены сказа?

5. Што такое дапаўненне?

6. Якая тэма сённяшняга ўрока? (сярэдзіна кветкі)

На папярэднім уроку мы пачалі вывучаць даданыя члены сказа і пазнаёміліся ўжо з адным. А сёння мы працягнем нашу работу і пазнаёмімся з наступным членам сказа – азначэннем.

Калі ласка, запішыце дату і тэму нашага ўрока ў сшыткі.

А зараз я хачу, каб вы, карыстаючыся карткамі, дапамаглі мне вырашыць тыя задачы, з якімі мы павінны справіцца на ўроку.

Ведаю

Хачу ведаць

1.Што такое дапаўненне.

 

2. Што яно абазначае.

 

3. На якія пытанні адказвае.

 

4. Якой  часцінай мовы выражаецца.

 

5. Для чаго выкарыстоўваецца.

 

Яшчэ я хацела, каб вы звярнулі ўвагу на наступныя словы, якія з’яўляюцца эпіграфам да нашага ўрока. (на экране).

1. Каму прысвечаны гэтыя радкі?

2. Пра каго мы сёння з вамі будзем весці гутарку?

3. Скажыце,  хто такая мама?

А каб дапамагчы вам адказаць на гэта пытанне, я прачытаю вам невялічкую прытчу.(на экране) карцінка

Напярэдадні свайго нараджэння дзіця звярнулася да Бога:

  • Я не ведаю, што я павінна рабіць у гэтым свеце.

Бог адказаў:

  • Я падару табе Анёла, які заўсёды будзе з табой.
  • Але я не разумею яго мову.
  • Анёл будзе вучыць цябе сваёй мове. Ён будзе ахоўваць цябе ад усіх бед.
  •  Як  і калі я павінен вярнуцца да цябе?
  • Твой Анёл скажа табе ўсё.
  • А як завуць майго Анёла?
  • Не мае значэння, як яго завуць… ты будзеш называць яго МАМА.
  • Скажыце, кім з’яўляецца мама для кожнага з нас?

Я б хацела, каб сёння на ўроку мы змаглі сказаць сваім маці самыя шчырыя словы ўдзячнасці за ўсё, што яны робяць для нас.

ІУ. Тлумачэнне новага матэрыялу.

1. Звярніце, калі ласка, увагу на дошку. На ёй запісаны словы.

 Усмешка, маці, радасць.

Давайце падбяром да іх словы, якія б адказвалі на пытанні: які? чый?

Шчырая  ўсмешка, родная маці, вялікая радасць.

Якія часціны мовы мы выкарысталі?

А зараз са словазлучэннем  родная маці  складзем  сказы:

Я люблю сваю родную маці.

Разбяром гэты сказ па членах сказа і падкрэслім іх.

Давайце сфармулюем правілы, што такое азначэнне?

 Якімі часцінамі мовы яно выражаецца?

Як падкрэсліваецца?

На дошцы наступныя словазлучэнні. Перабудуйце іх у словазлучэнні наз.+ наз.

Матуліны рукі – рукі матулі.

Залаты гадзіннік – гадзіннік з золата.

Якое пытанне паставім да ўтвораных словазлучэнняў?

Якой часцінай мовы яшчэ можа  выражацца азначэнне?

Давайце  запоўнім табліцу-схему, з якой мы працавалі на мінулым уроку. (на экране)

Даданыя члены сказа

 

Дапаўненне

Азначэнне

Акалічнасць

Што абазначае?

 

 

 

На якое пытанне адказвае?

 

 

 

Чым выражаецца?

 

 

 

Як падкрэсліваецца?

 

 

 

 

Гэтай табліцай мы можам карыстацца на працягу ўрока і на далейшых занятках.

2. Праца з тэкстам. Работа з падручнікам. Практ. 128. 1 абзац.

Спісаць, уставіць прапушчаныя літары. Падкрэсліць азначэнні, паставіць пытанні да іх, вызначыць, чым яны выражаны.

3. На экране змешчаны 2 варыянты верша Галіны Дашкевіч “Мама”. Параўнаць іх.

Ласкавая, мілая, светлая, 
Любімая мама мая. 
Яна, як бярозка, прыветная, 
Што свеціцца ля ручая. 

Яна, нібы яснае сонейка, 
Што ззяе над роднай зямлёй. 
Прашу я
ў Бога здароўечка 
Для мамачкі любай маёй. 

Прашу я ў Госпада міласці 
Для ўсіх, хто шану
е яе, 
Каб вочы ад шчасця свяц
іліся 
У добрых, як мама, людзей.
 
(Г. Дашкевіч)

Мама мая. 
Яна, як бярозка,
Што свеціцца ля ручая. 

Яна, нібы  сонейка, 
Што ззяе над  зямлёй. 
Прашу я
ў Бога здароўечка 
Для мамачкі  маёй. 

Прашу я ў Госпада міласці 
Для ўсіх, хто шану
е яе, 
Каб вочы ад шчасця свяц
іліся 
У добрых, як мама, людзей.
 

(Г. Дашкевіч)

-  Які з варыянтаў вам больш спадабаўся? Чаму?

- Для чаго служыць азначэнне?

Усе паэты і пісьменнікі выкарыстоўваюць мастацкія азначэнні ў сваіх творах, каб зрабіць мову  прыгожай, меладычнай, вобразнай. А называюцца такія азначэнні эпітэтамі. З імі мы больш падрабязна пазнаёмімся на ўроках літаратуры.

4. На экране змешчаны радкі верша Н. Гілевіча “Мама”. Знойдзем у гэтым вершы эпітэты.

Мая маці добрая такая,

Мая маці проста залатая!

А ўжо так мяне матулька любіць.

Кожны раз і песціць, і галубіць,

І да сэрца горне, і мілуе,

І так шчыра – моцна пацалуе.

І прамовіць ласкавае слоўца.

І сама засвеціцца, як сонца!

( залатая маці, маці добрая, ласкавае слоўца).

Фізкультхвілінка.

У. Замацаванне.

1. “Алфавіт”. Клас дзеліцца на 3 групы па радах. На пэўную літару алфавіта назваць як мага больш азначэнняў да слова  мама.

1 група – П;  2 група – С;   3 група – Л.(на экране)

(працавітая, прыгожая, працалюбівая; светлая, сардэчная, старанная, спагадлівая, сціплая; любімая, ласкавая, лепшая, любая).

З адныя словам на выбар скласці сказ і разабраць яго.

2. Гульня “Схаванае  выслоўе” (на экране).

Са слоў з кожнага сказа скласці сказ, які схаваны. (Я паважаю сваю маці родную).

1. Са сказа: Я сёння прачнуўся радасны. – узяць дзейнік;

2. Са сказа: Паважаю сваіх бацькоў. – узяць выказнік;

3. Са сказа: Міхась сустрэў сваю сяброўку. – узяць азначэнне;

4. Са сказа: Заўтра Алена будзе віншаваць сваю маці. – узяць дапаўненне;

5. Са сказа: Міколка прыехаў у родную вёску. – узяць азначэнне.

3. Выкананне тэставага задання (карткі). Узаемаправерка. Ключы на слайдзе.

Варыянт 1

1. Адзначце, у якім сказе правільна падкрэслена граматычная аснова:

А) Усю ноч гула навальніца.

Б) Ціха пагойдвала рака адзінокі човен.

В) Вераб’і выпырхнулі з куста бэзу.

2. Адзначце, які з выдзеленых назоўнікаў з’яўляецца дапаўненнем?

А) У лістападзе часта ідуць дажджы.

Б) Сын павіншаваў маці з днём нараджэння.

В) У полі рос раскідзісты дуб.

3. Адзначце, пра які член сказа гаворыцца: даданы член сказа, які абазначае прымету прадмета і адказвае на пытанні які?чый?:

А) дапаўненне

Б) азначэнне

В) акалічнасць

4. Адзначце, дзе правільна падкрэслена ў сказе азначэнне:

А) Нізка віснуць над зямлёю хмары снегавыя.

Б) Ідзе па белым свеце слова.

В) Восень залатая сее радасць на зямлі.

5.  Адзначце, у якім сказе два азначэнні:

А) Прагулкі пяшком карысны для здароўя.

Б) Сонца залаціла тонкія іголкі інею.

В) Хвалі бурнай ракі размывалі крутыя берагі.

Варыянт 2

1. Адзначце, у якім сказе правільна падкрэслена граматычная аснова:

А) Сонечныя промні ўжо асвятлялі верхавіны дрэў.

Б) Майская ноч слухала песні салаўя.

В) Дзень і ноч не змаўкае на шашы гул матораў.

2. Адзначце, які з выдзеленых назоўнікаў з’яўляецца дапаўненнем?

А) У верасні шпакі адлятаюць у вырай.

Б) Сяргейку купілі новы ранец.

В) Каля лесу стаяла адзінокая хаціна.

3. Адзначце, пра які член сказа гаворыцца: даданы член сказа, які абазначае прымету прадмета і адказвае на пытанні які?чый?:

А) азначэнне

Б) дапаўненне

В) акалічнасць

4. Адзначце, дзе правільна падкрэслена ў сказе азначэнне:

А) Толькі цяпер хлопчыкі ўспомнілі пра сваю схованку.

Б) Прыгожая і ўтульная наша родная Беларусь.

В) Увосень дзеці пасадзілі клёнікі.

5.  Адзначце, у якім сказе два азначэнні:

А) Зялёным дываном узняліся пасевы.

Б) Рыбалоўная брыгада набыла капронавыя сеці.

В) Зіхацяць шклом прасторныя веранды.

УІ. Паўтарэнне і абагульненне вывучанага.

Зварот да картак “ведаю – хачу ведаць”.

  • З якім даданым членам сказа пазнаёміліся?
  • Што абазначае?
  • На якія пытанні адказвае?
  • Як падкрэсліваецца?
  • Чым выражаецца?

УІІ. Рэфлексія.

1. “Канверт шчырых выказванняў”.

Назавіце 5 самых шчырых “дзякуй” маме за…

Назавіце 5 самых важных рыс характару вашай маці…

Назавіце 5 самых шчырых слоў у адрас вашай матулі…

Паглядзіце, каму адрасаваны вашы канверты? Уручыце, калі ласка, іх сёння матулям. Думаю, ім будзе вельмі прыемна.

2. Выкажыце свой настрой, адносіны да ўрока пры дапамозе слоў-азначэнняў (словы на экране).

УІІІ. Выстаўленне адзнак. Каменціраванне.

ІХ. Дамашняе заданне.

П.16, пр. 131; напісаць міні-сачыненне “Ліст да маці”.

 

Имя *
Эл. почта *
Сообщение *